Гавары са мной па-беларуску!

11.02.2018

У свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. 
У чароўны свет роднай беларускай мовы змаглі акунуцца вучні Навадворскай базавай школы падчас iнтэлектуальнай гульні “Гавары са мной па-беларуску!” І хоць яшчэ да Міжнароднага дня роднай мовы ёсць час, мы з вучнямі вырашылі не чакаць і наладзіць свята ў суботні школьны дзень (10 лютага). 
Такія мерапрыемствы абуджаюць цікавасць дзяцей да мовы свайго народа, спрыяюць фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці вучняў, развіваюць творчае мысленне, пазнавальны інтарэс, узбагачаюць слоўнікавы запас школьнікаў, выхоўваць павагу да Беларусі і беларускай мовы. 
Адкрыла мерапрыемства Машлякевіч Вольга, вучаніца 7 класа, якая выразна прачытала верш Еўдакіі Лось “Дзяўчаты мінулай вайны”. Вольга стала пераможцай першага этапу рэспубліканскага конкурсу юных чытачоў «Чытаем па-беларуску з velcom» і 22 лютага ў г. Брэсце будзе змагацца за права вытупіць на рэспубліканскім этапе. 
Затым вучнi 5-8 класаў падзяліліся на дзве каманды, назву якiм прыдумалi самi: “Каласкі”, “Валошкі” і “Землякі”. Каманды спаборнiчалi ў наступных конкурсах: “Смак беларускіх слоў”, “Перакладаем”, “Сціпласць – сястра таленту”, “Скажа, як звяжа”, “Безэквівалентная лексіка”, "Ужываем" і "Цытуем". 
Школьнікі актыўна ўдзельнічалі ў гульні: разгадвалі слайд-пытанні, перакладалi словы і сказы з рускай мовы на беларускую, тлумачылі сэнс фразеалагізмаў, вызначалі аўтараў вершаў, цытавалі творы беларускіх паэтаў, адказвалi на пытаннi, пісалі вершы. 
Гульня нікога не пакінула абыякавым. Былі і пераможцы (каманда “Каласочкі”). Былі і пераможаныя. Але не гэта было самым важным. Галоўнае, што вучні прыйшлі да высновы, што трэба слухаць і гаварыць з тымі, хто ведае беларускую мову, трэба глядзець телеперадачы, чытаць кнігі на беларускай мове, трэба прыслухоўвацца да роднай мовы і ўбіраць усё самае цікавае, што засталося нам у спадчыну.