У госці да “Пінскай шляхты”

24.02.2017

       З мэтай прывіцця цікавасці да мастацтва, развіцця эстэтычнага густу, кругагляду 24 лютага 2017 года вучні 9 класа нашай школы сумесна з вучнямі Чухаўскай СШ наведалі ДУ “Палескі драматычны тэатр”. Увазе  гледачоў была прадстаўлена візітоўка тэатра – п’еса заснавальніка беларускай драматургіі В. Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта” (рэжысёр І. Базан).  

Наведванне тэатра – заўсёды свята,  а калі гэта ўпершыню, то тым больш. Адпаведны настрой атрымалі вучні ўжо пры ўваходзе ў храм мастацтва: ззянне агромністых люстраў, люстэрак у пазалочаных рамах, упрыгожаная ўсемагчымай пышай ляпнінай столь – усё выклікала ўзвышаныя пачуцці пакланення прад мастацтвам.

Пастаноўка была надзвычай цікавай і захапляльнай. Яна стварыла на юных гледачоў цудоўнае ўражанне: апладзіравалі стоячы! Прыгожыя дэкарацыі (асабліва карэта Кручкова!), касцюмы, песні, танцы… Асабліва спадабаўся дзецям вобраз Пісулькіна.

Выходзячы з залы, вучні прасілі неадкладна залічыць іх у склад групы для наступнага наведвання тэатра, прычым зусім не важна, на якую пастаноўку. Нездарма ж кажуць: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Вучняў перапаўнялі пачуцці навізны перажыванняў і незабыўных уражанняў!

 

Настаўніца беларускай мовы

і літаратуры А.Я. Рэбкавец

ФОТА: