Дзень роднай мовы - 2017

22.02.2017

         Слова кожнае і кожны сказ бацькоўскі Змалку трэба моцна бараніць… Па дарозе доўгай, бруднай, коўзкай Мовы матчынай запомні карані… Пімен Панчанка

        “Мове рускай дай разгрузку – размаўляй па-беларуску!” Пад такім дэвізам у ДУА “Навадворская базавая школа” Пінскага раёна прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы. Яшчэ задоўга да свята, у межах шостага школьнага дня, у школе былі арганізаваны масавыя мерапрыемствы. Так 11 лютага вучні 5-7 класаў прынялі ўдзел у моўным турніры “Любі, шануй, ведай роднае слова!” Дзве каманды - “Сказ” і “Слова” – дэманстравалі свае веды, кемлівасць, артыстызм і цікавасць да беларускай мовы ў разнастайных конкурсах. Лепшай у выніку была названа каманда “Слова”. У мінулую суботу, 18 лютага, сямікласнікі наладзілі ў школе сапраўднае тэатральнае свята, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы і надыходзячаму Дню абаронцаў Айчыны. Вучні паказвалі інсцэніроўку па матывах аповесці Івана Сяркова “Мы з Санькам у тыле ворага”. Юныя тэатралы стварылі яркія, каларытныя вобразы герояў, парадавалі сваёй творчасцю ўсіх прысутных гледачоў, зацікавілі творамі на ваенную тэматыку. Сам дзень роднай мовы пачаўся для вучняў, настаўнікаў з незвычайнай сустрэчы з дзяўчатамі ў беларускім убранні, якія нагадвалі аб свяце і, акрамя шчырых усмешак, даравалі ўсім скруткі-пажаданні на беларускай мове. Актывістамі школы былі наладжаны выставы “Мае любімыя беларускія словы” і “Словы-пераклады”. Вучні 5 і 7 класа падрыхтавалі маляўнічыя калажы “Квітней, родная Беларусь!” З вялікім задавальненнем школьнікі прынялі ўдзел у акцыі “Сэльфі з любімай кнігай”. Школьны бібліятэкар, Сарока Таццяна Дзмітрыеўна, запрасіла ўсіх на прэзентацыю кніг нашага земляка Аляксея Міхайлавіча Нянадаўца “Бацькоўская хата” і “Цячэ рэчанька”. Тут жа, у бібліятэцы, усе жадаючыя мелі магчымасць пазнаёміцца з кнігамі-навінкамі беларускай літаратуры, якія складалі асобную выставу. Прыемна было чуць у школьных калідорах жывую беларускую гаворку, назіраць заклапочаныя і зацікаўленыя твары канкурсантаў завочнай віктарыны “Слова пра Беларусь”. Школьнае фае было аздоблена выслоўямі, ілюстрацыямі на тэму “Мая родная мова”. Самым яркім і запамінальным мерапрыемтвам дня стала гульня “Размаўляем па-беларуску”, у якой змагаліся за званне лепшага знаўца роднай мовы каманды “АБВ” (8 клас) і “Валошка” (9 клас). Гульня праходзіла ў вострай і напружанай барацьбе. Пытанні былі дастаткова складаныя, але каманды працавалі дружна і рашуча. Лепшы вынік паказала каманда дзевяцікласнікаў. Нягледзячы на тое, што ў гульні былі і пераможцы, і пераможаныя, усе засталіся задаволены гульнёй. Усе мерапрыемствы, праведзеныя ў межах свята, мелі на мэце развіваць пазнавальную актыўнасць вучняў, узбагачаць іх слоўнікавы запас, актывізаваць маўленчую дзейнасць; развіваць творчыя ўяўленні і здольнасці школьнікаў; выхоўваць моўнае чуццё і павагу да слова; прывіваць любоў да роднай мовы. Свята атрымалася! Яно было не толькі вясёлым і шумным, але і вельмі карысным! Р.S. На гэтым тыдні, у пятніцу, сумесна з Чухаўскай СШ, вучні наведаюць Палескі драматычны тэатр. “Пінская шляхта” стане лагічным завяршэннем, сапраўднай разынкай усіх мерапрыемстваў, прысвечаных Роднаму Слову.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры

А.Я. Рэбкавец

ФОТА: