Дзень роднай мовы

21.02.2018


“Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова”. 

                                                                                                                                                     

  Змітрок Бядуля

       Традыцыйна 21 лютага ў нашай школе праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню Міжнароднага дня роднай мовы. Дэвіз сёлетняга свята: “Мове рускай дай разгрузку – размаўляй па-беларуску!” Прыемна было чуць у школьных калідорах жывую беларускую гаворку, назіраць заклапочаныя і зацікаўленыя твары канкурсантаў завочнай крыжаванкі “Міфы і легеды Беларусі”. Школьнае фае было аздоблена выслоўямі, ілюстрацыямі на тэму “Мая родная мова”.
       Фінальным акордам дня стала гульня “Паўтараем, на роднай мове размаўляем”, у якой прынялі ўдзел вучні 6 класа. Гульцы спаборнічалі ў розных конкурсах, такіх як “Лінгвістычны спынт”, “Пазнай твор”, “Карэктар”, “Знайдзі пару”, “Лесвічка”, “Далей, далей, далей” і г.д. Каманды працавалі вельмі дружна і актыўна. 
       Свята атрымалася! Яно было не толькі вясёлым і шумным, але і вельмі карысным! Галоўнае, каб вучні ўсвядомілі: наша беларуская мова жывая і сапраўдная. Таму кожны, хто нарадзіўся на гэтай прыгожай гасціннай зямлі, павінен не толькі валодаць ёю дасканала, але і шанаваць, захоўваць.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Рэбкавец А.Я.