"Спадчына Палесся"

14.06.2019

14 чэрвеня 2019 года выхавальнікі прышкольнага лагера “Дружба” пры ДУА “Навадворская базавая школа” Пінскага раёна наведалі Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту «Спадчына Палесся» ў в. Мерчыцы Пінскага раёна. Экскурсія было прысвечана знаёмству з нацыянальнымі традыцыямі, гісторыяй і культурай Палесся.

У Цэнтры культуры і побыту «Спадчына Палесся» адчынены шэсць залаў, у якіх размешчаны больш чым 200 экспанатаў. Гэта сплеценыя з лазы вырабы – кошыкі, ёмістасці для захоўвання прадуктаў, прылады для лоўлі рыбы; прылады з дрэва; зала ткацтва, у якой наведвальнікі пабачаць ткацкія станкі і іншыя прылады для апрацоўкі тканіны, вясельныя, побытавыя, абрадавыя, святочныя рушнікі; зала ганчарных вырабаў; зала нацыянальнага касцюма, у якой размешчаны адзін з унікальных экспанатаў – вясельная сукенка даваеннага часу; экспазіцыя хаты селяніна-палешука. Гэтыя шматлікія прадметы гісторыі ярка дэманструюць побыт і заняткі жыхароў Піншчыны.

Удзельнікі экскурсіі змаглі ўзяць у рукі экспанаты, даведаліся аб прызначэнні і асаблівасцях вырабу розных прадметаў побыту, прымерылі традыцыйныя касцюмы палешукоў, паспрабавалі папрацаваць за ткацкім станком, прынялі ўдзел у займальнай старадаўняй гульні і танцах. Хата селяніна-палешука сустрэла дзяцей пахучай мятнай гарбатай і смачнымі блінамі.

Дзякуй работнікам Цэнтра культуры і побыту «Спадчына Палесся» за цікавую экскурсію.

 

 

Дайка А.А., кіраўнік экскурсіі