Дзень роднай мовы
22.02.2020“З родным словам па жыцці!”
“Мове рускай дай разгрузку – размаўляй па-беларуску!” Пад такім дэвізам у ДУА “Навадворская базавая школа” Пінскага раёна прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы.
Мерапрыемствы, праведзеныя ў межах свята, мелі на мэце развіваць пазнавальную актыўнасць вучняў, узбагачаць іх слоўнікавы запас, актывізаваць маўленчую дзейнасць; развіваць творчыя ўяўленні і здольнасці школьнікаў; выхоўваць моўнае чуццё і павагу да слова; прывіваць любоў да роднай мовы.
Напярэдадні свята ў фае школы актывістамі была наладжана выстава “21 лютага - Дзень роднай мовы”. У гэты ж дзень 18 вучняў з 3-8 класаў прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Буслік-2020”.
Сам Дзень роднай мовы пачаўся для вучняў, настаўнікаў традыцыйна з акцыі “Размаўляй па-беларуску!”. Пяцікласнікі-актывісты сустракалі ўсіх віншаваннямі, чым нагадвалі аб свяце і, акрамя ўсмешак, даравалі скруткі-пажаданні на беларускай мове.
На перапынках ўсе мелі магчымасць пазнаёміцца з матэрыяламі выставы, знайсці “на свой густ” віктарыну, крыжаванку, шараду ці проста інфармацыйную даведку, афарызм і інш. Прадстаўленыя матэрыялы складалі выставу пад агульным дэвізам “Для цікаўных і дапытлівых”. Асабліва актыўна вучні і настаўнікі (!) праявілі сябе на вялікім перапынку, які ў гэты дзень называўся “Вясёлым перапынкам”.
А ў суботу, 22 лютага, для вучняў 5-7 класаў была наладжана квэст-гульня “З родным словам па жыцці!” У гэты дзень дзяжурныя настаўнікі, адміністратар не стрымлівалі гарэзлівых школьнікаў. Па ўмовах мерапрыемства, гульцам патрэбна было, адпаведна маршрутным лісткам, хутка знайсці прыпынкі-кабінеты, дзе іх чакалі самыя розныя заданні: “Перакладчыкі”, “Збяры прыказку”, “Шарада”, “Словаведы”, “Хто хутчэй?” і інш. Зборная каманда “Карамелькі” паказала лепшы вынік, чым каманда “Ірыскі”. Усім гульцам каманд з салодкімі назвамі гульня прынесла выключна асалоду.
Р.S. Чаму такія назвы каманд? Каб дзеці мірна падзяліліся на каманды, я прапанавала усім перад пачаткам гульні пачаставацца цукеркай. У адпаведнасці з тым, якую цукерку – карамельку ці ірыску – выбраў вучань, і сфарміраваліся каманды.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры А.Я. Рэбкавец